Шведскі Інстытут, Стакгольм, у супрацоўніцтве з Пасольствам Швецыі ў Мінску
Якім чынам людзі могуць абмяркоўваць сур’ёзныя тэмы глабальных праблем чалавецтва, устойлівага развіцця? Ці магчыма камунікацыя без межаў, у тым ліку моўных? Злучаючы класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (інсталяцыя, фатаграфія, калаж), выстава “Сам-насам з кліматам” становіцца асновай такой камунікацыі. Гэты праект, мэтай якога ёсць абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы сучаснасці, стартаваў з верасня 2010 года выставай у Ісландыі, затым адбыўся на Балканах, у Малайзіі, Сірыі, Латвіі і Расіі. Зараз ён працягвае сваё падарожжа і ў траўні прыйдзе ў Мінск.
Як і ў кожнай краіне, якую наведвала выстава “Сам-насам з кліматам”, у Беларусі экспазіцыя складаецца з дзвюх частак і ўключае працы мясцовых мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў. Швецыю прадстаўляюць Хэлена Ліндхольм, Магнус Бард, Карын Сунвісан, Рыбер Хансан і Лувэ Антэль. З беларускага боку ў выставе на конкурснай аснове ўдзельнічаюць Аліна Ратушная, Антаніна Слабодчыкава, Антон Баранаў, Алег Гуцол, Алег Карповіч, Галіна Лазарчык, Кацярына Марціновіч, Мікалай Гіргель, Павел Гарадцоў, Раман Сустаў, Сяргей Волкаў, Уладзіслаў Хвастоў, Вольга Сазыкіна і Зоя Луцэвіч.
У рамках выставы таксама адбудуцца круглы стол на тэму “Змены клімату ў мастацтве”, майстар-клас па карыкатуры пад кіраўніцтвам Карын Сунвісан і семінар-трэнінг “Карыкатура, коміксы і змены клімату”.
Месца правядзення выставы – Музей сучаснага выяўленчага мастацтва
Час правядзення — 17 траўня – 11 чэрвеня
